Возера глыбокае, як памяць,
Ад вады узняўся сіні дым.
I дубы шырокімі лістамі
Пляскаюць далонямі над ім.
Па чаротах цішыня такая,
Толькі ўсплёскі самавітых рыб,
Ды дазорцы-качары гукаюць
Караваны сем’яў на зары.
Кнігаўкі галёкаюць па лесе,
Дзятлы выбіваюць: дук-дук-ду...
Гэта ты, багатае Палессе,
З надвясенняй прыгажосцю дум.
І ледзь сонца вылятае з бору,
Загавораць так, што не суняць,
Адусюль шумлівыя маторы...
І тады знікае цішыня.
Гукі абдымаюць кругам цесным,
І тугі маўклівай ані-ні...
Хлопцы і дзяўчаты: песні, песні...
Неба выгінаецца, звініць.
Адплываюць качары ў асокі,
Зайцы уцякаюць сугрунём,
У гушчар забіўшыся далёкі,
След губляе матчын ваўчанё
І дрыжыць, пужлівае, ад гора;
I сава спрасоння не крычыць;
Барсукі стаіліся па норах
У чаканні ціхае начы.
Навакольны звон ім недарэчан,
Што балоты высушыў у рад;
І апошні чараўнік на печы,
З барадой зялёнаю да пят,
Зажурыўся, клунак пыльны выняў,
Паглядзеў трывожна на абраз
І, расклаўшы косці на цаглінах,
Над вадою шэпча многа раз...
Толькі чарам зачапіцца нечым,
Ападаюць крыллі чорных мар —
Праз акно, як толькі рушыць вечар,
Электрычнасць б’е яму у твар.
Вось такой прарэзлівай віхуры
У жыцці ягоным не было,
Ён дарэмна вочы свае жмурьшь —
Прылятае ў вушы многа слоў.
Гэта б’ецца несуцішна радасць.
Вый звярыны там адвечны змоўк.
Гэта позна вуліцай брыгады
З песняю вяртаюцца дамоў, —
Што жыццё яснее з кожным годам,
Паляшук як выйшаў у народ,
Як плывуць на Тураў параходы,
Як лісты прывозіць самалёт, —
Што усюды вораг больш не страшан,
Ні ў палях, ні ў небе, ні у чым...
Што кругом пяе радзіма наша,
Чалавецтву шчасце несучы...
Як-жа выйдзе месяц над узлессем
Да сябе ўсе зоры сабіраць,
Спіць маё багатае Палессе,
Толькі пагранічнікі не спяць!
Пятрусь Броўка
Комментарии
беларусь в стихах
это просто клас