Слова пра Мінск

Я помню франтавыя гарады,
Я помню вас, паселішчы сляпыя.
У памяці маёй сірэны выюць.
Як вылі ў тыя цёмныя гады.
          Нічым нас не застрашыць, не
          здзівіць:
          Здаецца, з намі ўсё ужо бывала.
          I грозны гул ваеннага абвала
          У сне нас хоча часам раздавіць.
Ты стаў ізноў відушчым, горад мой!
I нам не сорам Мінскам пахваліцца.
Ды хочацца часамі пахіліцца
Над скруткам старажытнасці сівой.
          А з даўніны нічога не чуваць —
          Вайна спаліла помнікі і кнігі,
          I берагоў няма на берагах Нямігі,
          I Мінск стары ўжо нельга і пазнаць.
Хацеў я, каб і Мінск Градчаны меў
I бронзу палкаводцаў ганарыстых,
I нейкім замкам спакушаў турыстаў...
Ды ён другою славай прагрымеў.
          Дык што, падлічым, дасталося нам?
          Імя сталіцы, нараджэння дата,
          Падполля слава з кроўю напалам
          Ды каракумы попелу ў дадатак.
Ты — горад мой і быццам бы не мой:
Усё ў табе нязвычнае і новае,
I рокат завадскі тваёю стаў асноваю,
I пахнеш ты жалезам і сасной.
          Ад плошчаў да лісточка на вярбе
          Мы зноў цябе стварылі, родны горад,
          I рукатворным цёмна-сінім морам
          Завабілі мы чаек да сябе.
Мы дзецям горад свой перададзім,
Свой дом, свой дождж і месца на заводзе...
А хочацца звязаць усе стагоддзі
У сноп адзін.
Бо Мінск у нас адзін.

Пімен Панчанка



Комментарии

нормально:D

нормально:D